Портал о социальной экономике БЕЛАРУСИ

РУС/БЕЛ

Размер шрифта: Уменьшить100%Увеличить

Сацыяльны бізнес у Беларусі: дзе шукаць прыбытак?

Опубликовано: 30.10.2019

У Бабруйску 25 – 27 кастрычніка прайшла канферэнцыя сеткі сацыяльных прадпрыемстваў CINGO, прысвечаная новым бізнес-мадэлям.

Ці могуць сацыяльныя прадпрыемствы прыносіць прыбытак і ці магчыма ўвогуле манетызаваць гэтую сферу? Удзельнікі сеткі CINGO з усёй Беларусі прыехалі ў Бабруйск, каб пазнаёміцца з перспектыўнымі бізнес-мадэлямі і іх прымяненнем у сацыяльнай эканоміцы.

Прыкладамі паспяховых сацыяльных бізнесаў з беларускімі ўдзельнікамі падзяліліся замежныя калегі.

Мацей Кролек з Польшчы прадстаўляў асацыяцыю «Радасць без межаў», якая падтрымлівае дзеянні, накіраваныя на ўдзел людзей з інваліднасцю ў адкрытым рынку працы.  Мацей Кролек распавёў, што ў Польшчы суб’екты сацыяльнай эканомікі стварае як дзяржава, так і няўрадавыя арганізацыі – і ўнёсак апошніх у гэтай сферы большы. Эксперт акрэсліў тры віды такіх сацыяльных аб’ектаў: гэта майстэрні па арт-тэрапіі, таварыствы прафесійнай актыўнасці і сацыяльныя кааператывы. Дзякуючы іх функцыянаванню ў людзей развіваецца звычка паўсядзённай дзейнасці, асабістая ўключанасць, псіхічная падрыхтоўка і базавыя прафесійныя навыкі. Такім чынам людзі з інваліднасцю могуць атрымліваць прафесійныя кваліфікацыі і працу.

Беларускіі ўдзельнікі з цікавасцю даведаліся, што сувенірную прадукцыю, якую вырабляюць у цэнтрах прафесійнай актыўнасці ў Польшчы да святаў (такіх, як, напрыклад, Раство ці Дзяды), прадаюць у звычайных гандлёвых цэнтрах, прычым прасторы для гэтага прадастаўляюцца бясплатна.

Паводле закону, людзі з інваліднасцю ў Польшчы могуць працаваць толькі на палову стаўкі. Яны атрымліваюць ад дзяржавы сацыяльную датацыю, якая, аднак, не адпавядае ўзроўню сярэднестатыстычнага даходу і пражытковага мінімуму. Для людзей з сур’ёзнымі парушэннямі гэта 80 злотых (каля 40 беларускіх рублёў). Але, паколькі большасці з іх патрэбна апека, апякун таксама атрымлівае 1200 злотых (каля 600 беларускіх рублёў), аднак пражыць на гэтыя грошы немагчыма, кажа Мацей Кролек.

Стваральніца антыкавярні «Час Є» з украінскага Бярдзянску Ксенія Клейнес распавяла, што яе ўстанова стараецца балансаваць паміж бізнесам і сацыяльнымі праектамі. Палова мерапрыемстваў у антыкавярні арыентаваная на дзяцей. Напрыклад, цяпер, напярэдадні Хэлоўіна, там будуць ладзиць дзіцячыя майстар-класы па роспісу пернікаў, а таксама па карвінгу для стварэння з гарбузоў «ліхтароў Джэка».

 Дзіцячыя дні народзінаў – тэматычныя вечарынкі і квэсты, дзе малеча прымярае вобразы супергерояў, – адзін з важных арыткулаў даходаў у антыкавярні. Таксама папулярнасцю ў маленькай публікі карыстаецца школа блогераў, дзе дзеці вучацца здымаць на тэлефон. Апроч таго на пляцоўцы ладзяцца курсы па візуальным праграмаванні, дзе вучацца ствараць уласныя гульні і фільмы.

 Ёсць і курсы для дарослых па фаташопе, вэб-дызайне і фатаграфіі.

І, вядома, прастора працуе як пляцоўка, якую можна арандаваць для мерапрыемстваў, прапануе выяздныя майстар-класы ў школах на любую тэму за грошы. Ва Украіне больш, чым у Беларусі пашырана грантавая падтрымка, і гэтай магчымасцю таксама ахвотна карыстаюцца.

Паспяховыя кейсы ў сацыяльным прадпрымальніцтве ёсць не толькі за мяжой, але і ў Беларусі.

 Лілія Калюжная з Гомеля – стваральніца першага ў краіне каворкінг-цэнтра майстроў і рамеснікаў, а таксама самазанятасці і крэатыўнага развіцця «Свая палічка». Гэты праект стаў адным з пераможцаў у конкурсе аб’ектаў крэатыўнай эканомікі Беларусі.

 «Я лічу, што сацыяльнага бізнесу няма, ёсць проста бізнес, які ўключае сацыяльную адказнасць для ўсіх», – перакананая Лілія Калюжная.

Яе бізнес-праект пачынаўся з камерцыйнай нерухомасці. Але Лілія не хацела арганізоўваць там проста краму, яна вырашыла, што гэта павінна быць тое, што зможа зрабіць жыццё цікавым. Яна вырашыла здаваць сваю краму ў арэнду «па палічках». У выніку атрымалася не проста крама рамесных вырабаў, дзе ў кожнага «свая палічка», а міні-каворкінг майстроў і рамеснікаў, дзе яны могуць спрабаваць сябе ў бізнесе.

Лілія стала актыўна прасоўваць свой праект у сацсетках, і людзі пачалі адгукацца: спачатку прыйшло 20 чалавек, потым 100, а потым работы сталі дасылаць з іншых краін.

 Арэнда палічкі ў краме каштуе ад 10 да 50 рублёў у злежнасці ад памеру. Кошты на тавары выстаўляюць самі рамеснікі. Акрамя продажу, яны атрымліваюць магчымасць стасавацца паміж сабой, абменьвацца досведам, кааперавацца. З часам у незвычайны каворкінг сталі сцягвацца і іншыя творчыя асобы: музыканты, пісьменнікі з прэзентацыямі кніг, псіхолагі і нават цырульнікі.

 Яшчэ некалькі гадоў таму Алеся Цумарава з Магілёва працавала ў чытацкай зале бібліятэкі і нават не ўяўляла, што неўзабаве адкрые ўласны творчы цэнтр. А сёння яна разам з мужам з’яўляецца заснавальніцай першага ў Беларусі прыватнага інклюзіўнага творчага цэнтра «Тэрыторыя людзей», які знаходзіцца ў самым цэнтры горада. У дадатак Алеся – чалавек года 2018 у Магілёве і сябра Беларускага саюза жанчын.

 «Выставы вырабаў людзей з інваліднасцю, якія ладзяцца да 3 снежня (Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю. – ЕўраБеларусь.), – такі міжсабойчык, які зрабілі і забыліся да наступнага 3 снежня. А ў мяне ўзнікла ідэя прадаваць гэтую прадукцыю ў краме з сувенірамі. З гэтай думкай я пайшла ў бізнес-школу ІПМ», – распавядае Алеся, якая сама, дарэчы, мае інваліднасць.

 Потым Алеся аформіла ІП, арандавала памяшканне. Чалавек з інваліднасцю мае права ўзяць пад стварэнне працоўных месцаў у дзяржавы ў арэнду на ільготных умовах памяшканне, ад якога тройчы адмовіліся ў тэндарах. Такім чынам ёй дасталося памяшканне ў сутарэннях у цэнтры Магілёва, якое прыйшлося даводзіць да ладу.

 «Мала хто гатовы стаць прадпрымальнікам і жыць тры гады так, як жылі мы. Затое потым нам сталі зайздросціць.Спатрэбілася тры гады, каб бізнес стаў прыносіць даход», – прызналася магілёўчанка.

Чым жа займаюцца на «Тэрыторыі людзей»? Самую значную частку дахода прыносіць гандлёвая зала, дзе прадаюцца сувеніры. Прадукцыю бяруць на рэалізацыю ў людзей з 1 і 2 групамі інваліднасці, таму што ў іх менш магчымасцяў самастойна прадаць свае вырабы. Апроч таго тут ёсць вучэбны клас, дзе людзей з інваліднасцю вучаць продажу сувеніраў праз інтэрнэт. Даюць веды і па камп’ютарнай пісьменнасці – ад самых азоў да тонкасцяў SMM. Апроч таго ладзіцца анлайн-навучанне прасоўванню прадукцыі, брэнда і нават асобы.

 Для дзяцей у цэнтры арганізавалі школу фінансавай пісьменнасці: зусім маленькім распавядаюць пра грошы ў гульнявой форме, падлеткам тлумачаць азы прадпрымальніцтва.

«Мы ўзялі мадэль амерыканскай кампаніі ECCO, якая прадае красоўкі па двайным кошце. Купляючы адну пару, кошт другой вы адпраўляеце тым, хто ў нястачы. У нас людзі без інваліднасці прыходзяць і плацяць за трэнінг, а людзі з інваліднасцю не плацяць», – тлумачыць прадпрымальніца.

 Як заўважылі ўдзельнікі канферэнцыі, у Беларусі амаль не створаныя ўмовы для сацыяльнага прадпрымальніцтва, гэты панятак ніяк не зафіксаваны ў заканадаўстве. Людзі, якія займаюцца сацыяльным бізнесам, у поўным аб’ёме плацяць падаткі і аплочваюць камунальныя паслугі. Паслабленне даецца толькі ў дзвюх выпадках. Пры прыёме на працу чалавека з інваліднасцю за яго трэба плаціць толькі палову падатка. А калі прадпрымальнік сам мае інваліднасць, у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ён адлічвае не 13%, а 6% падатку.

Тым не менш, нягледзячы на не самыя спрыяльныя ўмовы для развіцця сацыяльнага прадпрымальніцтва ў Беларусі, такі бізнес з’яўляецца. Напрыклад, у сетцы CINGO ужо не адзін дзясятак такіх арганізацый і ініцыятыў, і з кожным годам іх  становіцца ўсё больш.

Крыніца  https://eurobelarus.info/