Портал о социальной экономике БЕЛАРУСИ

РУС/БЕЛ

Размер шрифта: Уменьшить100%Увеличить

У Беларусі развіваецца сетка сацыяльных прадпрыемстваў CINGO

Опубликовано: 27.06.2016

У Мінску ў межах канферэнцыі "Сацыяльная эканоміка: ідэі на будучыню" прайшла сустрэча арганізацый ды ініцыятыў грамадзянскай супольнасці сеткі "CINGO". Мерапрыемства арганізаваў беларускі Цэнтр сацыяльных інавацый з удзелам шведскай арганізацыі "Hela Sverige ska leva!". Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі надзённыя пытанні працы сацыяльных прадпрыемстваў у Беларусі, патэнцыял і запатрабаванасць сацыяльнай эканомікі ў вырашэнні грамадскіх праблем, а таксама абмен досведам працы ў Беларусі і Швецыі.

 

Як адзначыла кіраўніца "Hela Sverige ska leva!" (Швецыя) Лота Ёхансан, сёння кожнае адзінаццатае прадпрыемства, якое з'яўляецца ў Еўразвязе, адносіцца да сацыяльнага. Сацыяльная эканоміка, або "трэці сектар", ў Швецыі робіць значны ўнёсак у нацыянальны ВУП (валавы ўнутраны прадукт) краіны: па словах спадарыні Ёхансан, тавары ды паслугі шведскіх няўрадавых арганізацый і сацыяльных прадпрыемстваў сёння складаюць 7 адсоткаў эканамічнага росту (ВУП) Швецыі. Ролю "трэцяга сектара" ў развіцці эканомікі і грамадства падтрымлівае ўрад: як адзначыла спадарыня Ёхансан, улады не могуць займацца ўсімі праблемамі і даюць іх вырашэнне сацыяльным кампаніям - атрымліваецца такога кшталту аўтсорсінг.

Лота Ёхансан (Швецыя) - кіраўнік "Hela Sverige ska leva!", сакіраўнік CINGO

"НДА, грамадзянская супольнасць, "трэці сектар" - у сацыяльнай эканомікі шмат назваў, - адзначыла ў інтэрв'ю Лота Ёхансан. - Наш сектар, насамрэч, генеруе шмат грошай. Калі ўзяць усіх валанцёраў, якія працуюць добраахвотна зараз у Швецыі, то атрымаецца 250 тысяч паўнавартасных працоўных месцаў "фултайму", 52 тыдні на год, 8 гадзін на дзень. Канешне, ёсць людзі, якія працуюць у гэтым сектары і атрымліваюць за гэта заробак - у Швецыі такіх людзей столькі ж прыблізна, як і валанцёраў".

На думку Лоты Ёхансан, менавіты сацыяльная эканоміка ў Швецыі сёння здольна вырашаць грамадскія праблемы з улікам мясцовага развіцця тэрыторый:

"Крамы зачыняюцца ў сельскай мясцовасці, і Вам трэба ехаць за 100 кіламетраў каб нешта набыць, бо няма прыватных кампаній, якія тут працуюць, і гэта не хвалюе ўлады, бо не іх пытанне, а калі такое адбываецца – іншыя кампаніі таксама сыходзяць, бо гэтая тэрыторыя становіцца  для іх эканамічна непрывабнай, – Вам тады трэба стварыць працоўныя месцы там, дзе Вы жывяце. І гэта вельмі часта здараецца, калі менавіта наш "трэці сектар" ідзе ў такія месцы і робіць гэта. І гэта расце і расце. Бо суполкі мясцовага) развіцця вельмі часта кажуць: "Ок, крамы з’язджаюць, школы зачыняюцца, запраўкі рухаюцца далей, а мы мусім зрабіць нешта, каб нашыя вёскі засталіся жывымі".

Па словах Лоты Ёхансан, сацыяльныя прадпрыемствы ў Швецыі на роўных супернічаюць са звычайнымі прыватнымі кампаніямі, таму апроч грамадскіх каштоўнасцей - такіх, як інклюзія людзей з інваліднасцю ці вяртанне людзей з асаблівасцямі на рынак працы, - яны мусяць кіравацца рынкавымі правіламі і дасканала адпавядаць патрэбам кліентаў. Калі Вы адчыняеце сацыяльнае прадпрыемства ў выглядзе гатэлю, дзе працуюць людзі з інваліднасцю, кліентаў цікавіць найперш сервіс, кажа шведка: "Яны хочуць якасці, высокага ўзроўню абслугоўвання, прыдатных цэн, - хочуць, ведаеце, усяго, чаго чакаюць людзі ад гатэлю. Такое не спрацуе, калі, маўляў,: у нас сацыяльны кааператыў, калі ласка, прыйдзіце ды затрымайцеся тут. Людзей гэта не хвалюе! Ты маеш быць на тым жа ўзроўні і супернічаць на адным і тым жа рынку. І да таго ж тмусіш падвучыць тэхналогіі, што да вытворчасці, маркетынгу, эканомікі - усе тыя рэчы, пра якія твая кампанія павінна ведаць".

Лота Ёхансан (справа) - кіраўнік "Hela Sverige ska leva!", сакіраўнік CINGO

Па словах Леаніда Каліцені, дырэктара Цэнтра сацыяльных інавацый (Беларусь), сёння ў сетку ініцыятыў грамадзянскай супольнасці CINGO ўваходзяць 15 беларускіх арганізацый, сярод якіх - адно са сталых сацыяльных прадпрыемстваў - "Керамарт". Гэтае прадпрыемства займаецца вырабам керамічных сувеніраў, "Керамарт" ажыццяўляе працоўную рэабілітацыю маладых людзей з інваліднасцю.

 

 

На думку кіраўніка беларускага Цэнтра сацыяльных інавацый Леаніда Каліцені, сучасная эканоміка ў свеце набывае рысы сацыяльнай, за кошт чаго робіцца больш паспяховай: "Uber не мае ніводнага таксі ў парку, Airbnb - ні адзінага гатэлю. Гэта эканоміка наступнага пакалення, глабальнага сусвету, дзе рэсурсы абмежаваны, працоўныя месцы заняты, і людзі страчваюць магчымасць самавызначыцца".

Задачай сеткі CINGO ён бачыць абмен досведам і тэхналогіямі паміж сацыяльнымі прадпрыемствамі, а таксама набыццё навыкаў за мяжой і супрацоўніцтва з партнёрамі з краін балтыйскага рэгіёну: Польшчы, Літвы, Швецыі, г.д.

Пра мэты "трэцяга сектару" дырэктар беларускага Цэнтра сацыяльных інавацый Леанід Каліценя кажа наступным чынам: "Сацыяльная эканоміка - гэта акваторыя, дзе чалавек, які выйшаў з турмы ці страціў прафесію, можа нейкі час пабыць на сацыяльным прадпрыемстве, пераасэнсаваць усё і пайсці далей, вярнуцца да сацыяльна-актыўнае дзейнасці".

 

 

Удзельнікі канферэнцыі ў Мінску абмеркавалі фінансавыя магчымасці для старту сацыяльнага бізнесу ў Беларусі, пытанні бізнес-адукацыі для кіраўнікоў сацыяльных прадпрыемстваў і магчымасці набыцця новых ведаў і навыкаў у Швецыі.

ОДБ Брусель