Портал о социальной экономике БЕЛАРУСИ

РУС/БЕЛ

Размер шрифта: Уменьшить100%Увеличить

Марына Макарава: Нашы бабулі і дзядулі – «з агеньчыкам»

Опубликовано: 04.05.2020

Праца з людзьмі трэцяга ўзросту натхняе, перакананая спецыяліст аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян сталага веку Вілейскага ТЦСАН.

Марына Макарава прыйшла працаваць у Вілейскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў снежні 2004 года ў аддзяленне пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання на пасаду кіраўніка клуба. Гэта быў клуб для дзяўчат і дзяўчынак «Гармонія і прыгажосць», які працаваў на платнай аснове (ужо тады ў ТЦСАНе была манетызацыя паслуг, што прадстаўляюцца). У клубе дзяўчаты вучыліся іміджыялогіі.

Для Марыны ТЦСАН – першае і пакуль адзінае месца працы, бо да гэтага, у ліхіх 90-х, яна працавала ў  сямейным бізнесе бацькоў: дрэваапрацоўка, вырошчванне і рэалізацыя сельгаспрадукцыі і паралельна бартарныя аперацыі. Марына была касірам, бухгалтарам і дырэктарам. Але пасля шэрагу сямейных страт бізнес закрылі. Пасля пары гадоў работы дыспетчарам на тэлефоне, прадаўцом у летнім павільёне, выхавацелем у летнім аздараўленчым лагеры і выкладчыкам курсаў прыгажосці Марына прыйшла ў ТЦСАН.

Праца з людзьмі трэцяга ўзросту ў мяне пачалася з рэалізацыі гуманітарнага праекта «Ружа вятроў». Гэта быў першы атрыманы грант у рамках праграмы «Месца сустрэчы: дыялог» Нямецкага фонду «Памяць, адказнасць, будучыня», каардынатарам якой у Беларусі з'яўляецца МГА «Узаемаразуменне». Праект быў накіраваны на падтрымку ахвяр нацызму і актывізацыю людзей трэцяга ўзросту. Былі арганізаваны гурткі па інтарэсах, групы самадапамогі, валанцёрскі рух сярод пажылых грамадзян і падрастаючага пакалення для аказання дапамогі дома. Ды і сярод прадстаўнікоў мэтавых груп былі вельмі актыўныя людзі, якія жадалі працягваць удзельнічаць у мерапрыемствах, падтрымліваць працу створаных клубаў і гурткоў пасля заканчэння рэалізацыі праекта. Так я стала каардынаваць працу клуба для вязняў і дзяцей вайны, валанцёрскі рух.

Затым быў яшчэ адзін праект у рамках гэтай жа праграмы «МАСТ – міласэрнасць, адносіны, супрацоўніцтва, талерантнасць». Ён быў прысвечаны ўкараненню ў сацыяльную працу інавацыйных формаў і адукацыйнай дзейнасці (нямецкая, англійская мовы, навучанне камп’ютарнай пісьменнасці і інш.).

Так кіраўніцтва Цэнтра прыйшло да рашэння адкрыць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Ахвотныя могуць прыходзіць туды і атрымліваць неабходныя веды і дзяліцца з іншымі, мець зносіны, актыўна і карысна бавіць вольны час, рэалізоўваць сябе.

– Прыкладна траціна наведвальнікаў аддзялення – гэта людзі, з якімі мы пачыналі рэалізацыю самага першага праекта «Ружы вятроў» – нашы ружанькі, – усміхаецца Марына. – Як кажуць, прыцягнуць людзей не цяжка на адно-два мерапрыемствы, цяжка ўтрымаць іх пасля. На мой погляд, паспяховую працу са сталымі людзьмі мы пачалі з 2009 года: мы не прапаноўвалі свае формы і віды дзейнасці, а ў самым пачатку сабралі актыўных людзей і спыталі, што ім цікава. Што яны хацелі б спазнаць, вывучыць і за што гатовыя ўзяцца? І ў цяперашні час мы працуем і практыкуем запытвацца. Вывучаем патрэбы людзей і толькі потым праводзім, укараняем, рэалізуем. Цяпер я ведаю, што гэта і ёсць вызначэнне патрэбаў мясцовай супольнасці. А ў 2009 гэта было само сабой, па інтуіцыі.

Марына распавядае, што людзі сталага веку прыходзяць у Цэнтр таму, што яна заўсёды рада іх бачыць – з добрымі навінамі, з прапановамі, з хатнімі праблемамі...

Асабіста ў мяне ёсць такое пачуццё павагі да гэтых людзей. Нават калі ў мяне вісяць справаздачы, я не магу не выслухаць чалавека. За гэты час мы сталі сям'ёй. Што мяне цяпер вабіць на працу? Гэта людзі – наведвальнікі аддзялення, з якімі мне цікава і карысна, стасункі з імі прыносяць радасць і задавальненне, матывуюць на новыя планы і праекты.

Па словах Марыны Макаравай, папяровая праца не заўсёды дае магчымасць рэалізаваць гэтыя планы на 100%. Вельмі шмат часу займае складанне дакументаў. Але яна не перастае займацца самаадукацыяй: наведвае трэнінгі, канферэнцыі, удзельнічае ў замежных стажыроўках і абменных візітах. Бо наведвальнікам аддзялення павінна быць цікава сюды прыходзіць. Таму, вяртаючыся дадому з кожнай сустрэчы ці паездкі, яна адразу спяшаецца  падзяліцца новымі ведамі са сваімі падапечнымі і нешта ўкараніць.

Самым першым такім досведам для Марыны быў удзел у Кірмашы сацыяльных праектаў у Брэсце, якая праводзіцца Беларускай асацыяцыяй сацыяльных работнікаў.

Мы ўдзельнічалі з праектам па працы з дзяўчатамі з нешчаслівых сем'яў «Адкрытае сэрца». Я з камп’ютарам у добрых адносінах і пры распрацоўцы праграмы «пафантазіравала» са шрыфтамі. На абароне праекту ў нас прэзентацыя адкрылася, але тэкст быў у выглядзе квадрацікаў, бо была ўсталяваная старая праграма. Мы былі засмучаныя такім канфузам. Але... на зваротным шляху дадому атрыманы за ўдзел дыплом забыліся ў аўтобусе, – са смехам узгадвае Марына.

Калі Вілейскі ТЦСАН рэалізоўваў свой першы праект «Ружа вятроў», для яго маніторынгу ў Вілейку прыехала каманда, у складзе якой быў каардынатар сеткі сацыяльных прадпрыемстваў CINGO Леанід Каліценя. Ён вылучыў гэты праект сярод многіх, бо, па яго словах, ён быў рэалізаваны «з агеньчыкам».

Гэта не праект «з агеньчыкам», а нашы бабулі і дзядулі «з агеньчыкам», – парыруе Марына. – Ім заўсёды хочацца рухацца, удзельнічаць у розных мерапрыемствах і тусоўках. У нас у горадзе праходзіць фестываль «Энергія маладосці», і не без удзелу нашых людзей: яны любяць пахадзіць з трэкінгавымі палкамі, праехаць у велапрабегу, пабыць у фітагасцёўнях, якія арганізуюць валанцёры з аграгарадку Вязынь і Вілейкі.

Потым было супрацоўніцтва з Цэнтрам сацыяльных інавацый, адукацыйныя візіты ў Швецыю,  пачалося развіццё сацыяльнага прадпрымальніцтва, сацыяльных арганізацый. Дзякуючы CINGО  можна было атрымаць інфармацыю па ўсіх пытаннях. Калі ў Цэнтра паўстала пытанне рэалізацыі прадукцыі, якую выраблялі ў працоўных майстэрнях, CINGО арганізавала серыю сустрэч па прасоўванні тавараў.

Для мяне CINGО – гэта фундаментальная і надзейная разнапланавая падтрымка; гэта магчымасці адукоўвацца і атрымліваць новыя веды як праз навучальныя мерапрыемствы, так і праз ўзаемасувязь і абмен з удзельнікамі – нашымі партнёрамі ўнутры сеткі, – зазначае Марына.

Праца з людзьмі патрабуе вельмі шмат энергіі і сіл. Суразмоўца прызнаецца, што сутыкаецца з эмацыйным выгараннем, але больш ад патрабаванняў, якія пастаянна змяняюцца. Але яна працягвае любіць сваю працу, перадусім дзякуючы людзям, якія атачаюць і падтрымліваюць.

У сувязі з цяперашняй крызіснай сітуацыяй аддзяленне для людзей сталага веку змяніла фармат дзейнасці: перайшло на працу ў сацыяльных сетках, у Viber ёсць група для бабуль і дзядуляў, захоўваецца сувязь па тэлефоне. Марына кажа, што да такой камунікацыі яе падапечныя ўжо прызвычаіліся, але напачатку даводзілася нават сварыцца на іх, каб менш хадзілі па крамах і па горадзе. Важна працягваць захоўваць кантакт з людзьмі, спраўляцца пра іх здароўе.

У любы час важна, каб побач былі верныя сябры і паплечнікі, тыя, хто зможа падтрымаць. На мой погляд, у сетцы CINGО ў нас ёсць такія людзі. І гэта выдатна!

 

Крыніца: https://eurobelarus.info/special-project/inklyuziv/2020/04/30/maryna-makarava-nashy-babul-dzyadul-z-agen-chykam.html