Портал о социальной экономике БЕЛАРУСИ

РУС/БЕЛ ENG

Размер шрифта: Уменьшить100%Увеличить

Сакрэт поспеху “Бараньскіх Арабесак”

Опубликовано: 27.11.2019

Як маленькае швачнае прадпрыемства на Аршаншчыне вырасла ў сучасную вытворчасць з якаснай прадукацыяй і стварыла сістэму працаўладкавання моладзі з інваліднасцю.

Маленькі горад Барань знаходзіцца пад Оршай. І на пытанне, што ёсць у ім адметнага, можна смела адказваць: адно з самых паспяховых сацыяльных прадпрыемстваў у краіне, дзе больш за 60% работнікаў – маладыя людзі з інваліднасцю.

У 2010 годзе Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам зарэгістравала тут прадпрыемства “Бараньскія Арабескі”. Цяпер гэта адзінае на ўвесь Аршанскі раён сацыяльнае прадпрыемства ў грамадскім сектары, дзе моладзь з інваліднасцю можа праходзіць сацыяльную рэабілітацыю і працоўную адаптацыю. Ёсць яшчэ некалькі дзяржаўных прадпрыемстваў, але там могуць працаваць толькі людзі з лёгкай формай інваліднасці. У “Бараньскія Арабескі” часам трапляюць і работнікі з больш цяжкімі формамі інваліднасці, якія патрабуюць суправаджэння.

Цяпер тут працуюць дзевяць чалавек, шасцёра з іх – з інваліднасцю. Усяго ж за час існавання прадпрыемства працоўную адаптацыю тут прайшлі 15 чалавек, пяцёра з іх змаглі знайсці працу на адкрытым рынку, распавяла дырэктар “Бараньскіх Арабесак” Людміла Франтава. Здаецца, для цэлага раёна гэта зусім няшмат. Але часам даводзіцца шукаць супрацоўнікаў, і гэта аказваецца не так проста.

– На ўлік па беспрацоўі прыходзіць мала людзей з інваліднасцю. Напэўна, яны прывыклі сядзець дома і атрымліваць пенсію, – тлумачыць кіраўніца прадпрыемства.

Супрацоўнікі "Бараньскіх Арабесак". Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Асноўны напрамак вытворчасці – пашыў дэкаратыўных жаночых сумак, торбаў, касметычак, шопераў. У аснове вырабаў выкарыстоўваецца экалагічны беларускі лён з Аршанскага льнокамбіната. Яшчэ адзін важны складнік бараньскіх сумак, апроч экалагічнасці, – захоўванне беларускіх традыцый, таму вельмі папулярныя на прадпрыемстве торбы з арнаментамі і народнымі матывамі. Але і сучасныя ідэі ў дызайне таксама стараюцца выкарыстоўваць.

Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

 Аршанскі льнокамбінат адкрыў па ўсёй краіне 16 фірмовых крам, і мы забяспечваем іх сваімі прыгожымі сумкамі, – дзеліцца Людміла Франтава.

Апроч таго, сумкі ад “Бараньскіх Арабесак” можна ўбачыць у Нацыянальным аэрапорце “Мінск” і на розных кірмашах ды фестывалях – прадукцыя прадпрыемства была прадстаўлена на “Славянскім базары” ў Віцебску.

З нядаўніх дасягненняў у скарбонцы “Бараньскіх Арабесак” – выхад на расійскі рынак, дзякуючы гэтаму сумкі з Барані з’явіліся ў каталогу папулярнай інтэрнэт-крамы WildBerries. Вялікай папулярнасцю ў расіян карыстаюцца беларускія шоперы, якія цяпер выкарыстоўваюць для паходаў у краму замест поліэтыленавых пакетаў.

За дзень на прадпрыемстве вырабляюць 10 – 12 дэкаратыўных сумак, калі казаць пра прома-сумкі – такіх за дзень могуць нашыць і сотню.

Сумкі, якія вырабляюць на прадпрыемстве. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Попыт на эка-торбы расце, але калі льняная сумка без малюнкаў каштуе каля 10 беларускіх рублёў, то каляровае афармленне робіць яе даражэйшай. Цяпер спажыўцы стараюцца шукаць больш танныя вырабы і пераходзяць на баваўняныя сумкі. Але яны мнуцца, не трымаюць форму і не надта прывабна выглядаюць, таму на “Бараньскіх Арабесках” такія вырабы не прыжыліся.

Пры дапамозе спецыяльнай праграмы машынка сама вышывае патрэбны ўзор. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Тым не менш, гэта адно з нямногіх сацыяльных прадпрыемстваў, якое актыўна развіваецца і працуе з прыбыткам. Аб’ёмы вытворчасці за апошні час тут павялічыліся больш чым у 4,2 раза, і гэта дазволіла павялічыць зарплату супрацоўнікам на 15%. Цяпер работнікі атрымліваюць тут 330 – 380 рублёў, працуючы няпоўны дзень.

Сярод “новенькіх” на прадпрыемстве – Ілья, які ўжо пяты месяц праходзіць тут адаптацыю. Падчас размовы ён робіць выкрайку для рукавічкі-прыхопкі для гарачага. Акрамя краення і выразання, Ілья шые сумкі і касметычкі на швейнай машынцы.

Працу ён знайшоў на біржы, і сваім выбарам задаволены, для хлопца гэта першае месца работы. Кажа, што сумна тут не бывае, цяжкасцяў для яго таксама няма. У Ільі ёсць мэта: зарабіць грошы, каб дапамагчы бацькам. Адначасова хлопец завочна вучыцца ў Аршанскім дзяржаўным механіка-эканамічным каледжы на спецыяльнасці “банкаўская справа”.

Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

А Марына калісьці прыйшла на прадпрыемства на пасаду кладаўшчыцы, але цяпер яна і кроіць, і шые на машынцы. Людміла Франтава вельмі задаволеная работніцай і пакінула яке ў штаце прадпрыемства.

На сённяшні дзень “Бараньскія Арабескі” – прыклад паспяховага сацыяльнага прадпрыемства, дзе сочаць за рынкам, актыўна выкарыстоўваюць розныя бізнес-мадэлі і рэагуюць на актуальныя патрэбы спажыўцоў. Недарэмна дэвіз прадпрыемства – “Вырабляць тое, што купляецца, а не прадаваць тое, што вырабляецца”. А яшчэ ўстанова ўваходзіць у сетку сацыяльнай эканомікі CINGO, якая дапамагае наладзіць камунікацыю паміж сацыяльнымі прадпрыемствамі краіны.

Людміла Франтава. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Але няшчыра было б казаць, што на прадпрыемстве ўсё ідэальна і бясхмарна. Ёсць свае праблемы і тут. Адна з самых актуальных на цяперашні момант – касметычны рамонт у вытворчых памяшканнях, на які ўласных сіл і сродкаў пакуль не хапае. Хаця зрабіць трэба зусім няшмат: перасцяліць лінолеўм і пафарбаваць сцены. Цяпер кіраўніцтва “Бараньскіх Арабесак” занятае пошукам спосараў для гэтай справы. Таму калі нехта хоча падтрымаць адно з самых паказальных у краіне сацыяльных прадпрыемстваў з высакароднай мэтай – гэта выдатная магчымасць для вас!

Тэкст і фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"